Меню

В Кореличах после капитального ремонта открыт пищеблок центральной районной больницы

Літаральна за паўгода, з канца лістапада 2019 года па чэрвень бягучага года, харчаблок Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы змяніўся да непазнавальнасці. І яго работнікі ў адзін голас сцвярджаюць: “Кухонныя, службовыя і складскія памяшканні “да” капітальнага рамонту і “пасля” – дзве вялікія розніцы”.

Неабходнасць мадэрнізацыі і капітальнага рамонту харчаблока райбальніцы, набыцця новага высокатэхналагічнага кухоннага абсталявання ўзнікла даўно. Уведзеныя ў эксплуатацыю ў пачатку 1980-х гадоў кухонныя памяшканні патрабавалі кардынальных зменаў, якія на сённяшні дзень сталі рэальнасцю.

Па словах начальніка аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірыны Малышавай, на правядзенне рамонтных работ і закупку абсталявання было затрачана 660 тысяч рублёў з раённага і абласнога бюджэтаў. Генпадрадчыкам на дадзеным аб’екце выступіў Лідскі будаўніча-мантажны трэст № 19. Літаральна кожны сантыметр харчаблока адчуў значныя змены: будаўнікі выканалі ўнутраныя аддзелачныя работы, аднавілі сістэмы вентыляцыі, ацяплення, вода- і электразабеспячэння, устанавілі навейшае тэхналагічнае абсталяванне. Да таго ж надзейнымі памочнікамі работнікаў харчаблока сталі два новенькіх ліфта.

– Безумоўна, пасля заканчэння рамонтных работ мы адчулі палёгку і задавальненне, а работнікі харчаблока атрымалі абсалютны камфорт у працы, – адзначае галоўная медсястра Карэліцкай ЦРБ Ганна Радзецкая. – З’явіліся новая мэбля, кухонныя прылады і абсталяванне. Сёння калектыў харчаблока мае выдатныя ўмовы для працы і адпачынку, якія адпавядаюць усім санітарным патрабаванням. Падчас правядзення рамонту ежа для пацыентаў райбальніцы рыхтавалася ў харчаблоку Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя і дастаўлялася ў бальніцу ў тэрмасах.

На працягу 25 гадоў у райбальніцы працуе повар Іван Лапата:

– Безумоўна, пасля рамонту наш харчаблок змяніўся кардынальна. Вельмі прыемна працаваць у такіх светлых, прыгожых і акуратных памяшканнях. Аж душа радуецца. А калі рыхтуеш ежу з добрым настроем, тады яна атрымліваецца смачнай і карыснай і падабаецца пацыентам. А якая лепшая ўзнагарода для повара? Так, пустыя талеркі і шчырыя падзякі за смачны абед. З разліку 136 ложкаў кругласутачнага прыбывання штодзень рыхтуецца каля 700 блюд для дзяцей і дарослых.

Не сакрэт, што правільнае збалансаванае харчаванне спрыяе хутчэйшаму выздараўленню хворага. За разнастайнасць, арганізацыю і якасць лячэбнага харчавання пацыентаў райбальніцы адказваюць дыетычныя сёстры Анастасія Гладкая і Валерыя Найдзён.

– З дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы распрацоўваем сямідзённае меню. Для дзяцей рацыён складаецца з улікам узросту, дарослых – у залежнасці ад стану здароўя і захворванняў, – расказвае Анастасія Гладкая. – Напрыклад, для пацыентаў з павышаным узроўнем цукру ў крыві прадугледжана спецыяльная дыета.

Пацыенты райбальніцы надзвычай задаволены харчаваннем і адрасуюць калектыву харчаблока шчырыя словы падзякі.

Наталля БУСЬКО, агр. Ярэмічы:

– У бальніцы знаходжуся ўжо два тыдні. Хварэць, зразумела, непрыемна і цяжка, аднак смачныя сняданкі, абеды і вячэры надаюць нам сілы. Кормяць у бальніцы разнастайна і карысна. Два разы на дзень у меню абавязкова салаты са свежай агародніны. А які расольнік тут смачны! Упэўнена, што кожны з пацыентаў назаве не адну любімую страву, прыгатаваную паварамі бальніцы.

Пётр СТАГАНОВІЧ, г.п. Карэлічы:

– Кормяць у райбальніцы смачна, порцыі вялікія, а персанал ветлівы і добразычлівы. Ежа вельмі падобная на хатнюю, меню разнастайнае і збалансаванае. Адным словам, родныя пацыентаў могуць не хвалявацца за харчаванне сваіх блізкіх.

Аксана ЯНУШ

Фота аўтара